Многія мамы і таты адзначаюць: «Складана адшукаць добрых педагогаў, з якімі дзеці сапраўды зразумеюць прадмет і палюбяць вучыцца».
Многія выкладчыцы і выкладчыкі адзначаюць: «Так мала навучэнцаў, якім рэальна цікава!».
Мы ж у Tłumač верым, што хапае і натхняльных адукатараў(к), і матываваных вучняў ды вучаніц. І жадаем дапамагчы ім сустрэцца.
Неўзабаве на tlumac.me выйдзе вялікае абнаўленне: спагадлівы Боцік зможа кансультаваць карыстальнікаў не толькі самастойна, але ў кампаніі яшчэ больш чалавечных і разумных тлумачоў і тлумачак. Cярод іх можаце апынуцца і вы.

Запрашаем да супрацы з Tłumač
Мы запрашаем у каманду настаўнікаў школьных прадметаў, спартовых трэнерак, выкладчыкаў ВНУ, мастацкіх кіраўніц, псіхолагаў і ўсіх, хто жадае тлумачыць іншым тую сферу, у якой адчувае экспертызу і моц! Навыкі ўжо зарэгістраваных экспертаў(к) ахопліваюць розныя сферы ад замежных моў і матэматыкі да Canva, Java і малявання. Чакаем і вашу аўтарскую экспертызу!
Шлях у чатыры крокі:
- Вы выбіраеце тэмы, у якіх разбіраецеся і якія жадаеце патлумачыць іншым.
- Запаўняеце заяўку па спасылцы, каб апынуцца ў экспертнай базе Боціка.
- Мы дамаўляемся з вамі на кароткую анлайн-размову, каб зверыцца, што нашы з вамі каштоўнасці ідуць поруч, па выніках якой адпраўляем спасылку для рэгістрацыі.
- Вы наладжваеце каляндар у асабістым кабінеце, пазначаючы вольныя для сазвонаў з навучэнцамі акенцы.

Так Боцік пазнаёміцца з вамі і вашымі кампетэнцыямі ды будзе прапаноўваць карыстальнікам, што шукаюць экспертызу па вашай тэме, запісацца на анлайн-кансультацыі з вамі. Разам з запытам на кансультацыю вы атрымаеце ўводнае пытанне, з якім жадае звярнуцца да вас вучань, і будзеце мець час, каб падрыхтавацца.
Магчымасць пробнай кансультацыі
Кожны карыстальнік ці карыстальніца зможа запісацца толькі на адну пробную кансультацыю з вамі на 30 хвілін у межах праекта «Тлумач». Мы разлічваем, што за гэты час вы зможаце разабраць галоўнае пытанне навучэнца, пазнаёміцца паміж сабой і, калі ўсё прайшло пазітыўна, дамовіцца пра далейшыя індывідуальныя заняткі на вашых умовах. Такім чынам, вы прапаноўваеце карыстальнікам «Тлумача» свой час у выглядзе пробных заняткаў, а «Тлумач» знаёміць вас з матываванымі навучэнцамі, з якімі вы дамаўляецеся пра супрацу на доўгі тэрмін.

Калі з нейкіх прычын вы не жадаеце брацца адразу за жывыя (анлайн) сустрэчы, але хацелі б паказваць сваю экспертызу свету, запрашаем вас да стварэння артыкулаў або відэа — яны будуць падпісаныя вашым імем або псеўданімам, і мы прыкладзём намаганні, каб знайсці для іх удзячную аўдыторыю.
На дадатковыя пытанні будзем радыя адказаць вам у «Тэлеграме»: @tlumachme_bot.




.jpg)